СЕ́ННЕНСКА-АРША́НСКАЯ ПАРТЫЗА́НСКАЯ ЗО́НА,
тэрыторыя на Пд Віцебскай вобл. ў міжрэччы Зах. Дзвіны, Дняпра, Улы, Лукомкі, Бабра, якую кантралявалі партызаны ў Вял. Айч. вайну. Склалася да жн. 1942, уключала да 70% Аршанскага, Сенненскага, Багушэўскага і Талачынскага р-наў. Да вер. 1943 займала пл. каля 1500 км². Абаранялі зону 13 партыз. брыгад (каля 12 тыс. чал.), таксама спецгрупы, закінутыя з Вял. зямлі. Кіраўніцтва абаронай і ўнутр. жыццём зоны ажыццяўлялі БШПР, падп. Віцебскі абком КП(б)Б, Аршанскія, Багушэўскія, Дубровенскія, Сенненскія, Талачынскія райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. Выдаваліся падп. раённыя газеты. Партыз. фарміраванні зоны ўзаемадзейнічалі з падпальшчыкамі Оршы, Віцебска, пас. Асінторф і інш., у складаныя перыяды барацьбы з карнікамі на дапамогу ім прыходзілі партыз. фарміраванні Магілёўшчыны. Гітлераўцы неаднаразова спрабавалі ліквідаваць зону, правялі 8 карных аперацый, у час апошняй ворагу ўдалося пацясніць абаронцаў зоны, але пачатак Беларускай аперацыі 1944 перашкодзіў яму выкарыстаць перавагу. У памяць аб баявых дзеяннях фарміраванняў зоны пастаўлены помнікі ў месцах іх базіравання, на брацкіх магілах партызан.
У.С.Пасэ.
т. 14, с. 329
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)